Аксана Спрынчан—чалавек незвычайны. Кожны яе выступ або праект, асабісты ці сумесны, прыватны ці грамадскі, пераўтвараецца ў цікавае дзейства. Генетычна паэтычная, узнёслая, арыгінальная, з філасофска-іранічным поглядам на жыццё, яна лёгка згуртоўвае вакол сябе іншых творчых асоб і “запаляе” іх сваім энтузіязмам.
Аксана нарадзілася 23 жніўня 1973 у Лунінцы. Аўтар паэтычных кніг “Вершы ад А.” (2004), “ЖываЯ” (2008), смс-п’ескі “Дарога і Шлях” (2009, з Алесем Анціпенкам), “Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў” (2010, з Ярашам Малішэўскім). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2005). Дырэктарка Паэтычнага тэатра “Арт.С”. Калекцыянерка жабак. Гаспадыня Лысай Гары. ЗакаханаЯ.
Аксана нядаўна вярнулася з творчага адпачынку ў Швецыі, адкуль прывезла букет фотаздымкаў і ўражанняў.
Калі ты адчула сябе паэткай? Творчай жанчынай? Некалькі слоў пра творцаў тваёй сям’і.
Паэтычнай натурай была заўсёды, бо вырасла сярод кніг, сярод паэтаў і паэзіі: і дзед, і бацька ў мяне паэты. Нашмат пазней даведалася, што і бабуля Святлана, і прапрадзед Васіль пісалі вершы і прозу на ўкраінскай мове. Паэткай ўсвядоміла сябе 13 красавіка 2000 года, калі раптам пачалі нараджацца вершы. Калі стамляюся ад сталічнага жыцця, то нават кажу, што люблю Мінск толькі за тое, што пачала пад ім ствараць вершы, бо адбылося гэта па дарозе на працу ў метро. Творчай жанчынай адчула сябе тады, калі зразумела, што нават любімая праца і каханы муж пазбаўляюць свабоды, а вершы – твае збаўцы. І ўсё ж такі мне блізкі свет сям’і, асабліва творчай.
Мае продкі пісалі па-ўкраінску і па-руску, каб я пачала пісаць па-беларуску. Таму, можна сказаць, у нас свой Саюз пісьменнікаў, створаны яшчэ ў 19 стагоддзі. У ім Статут Вялікага Княства Любові. У ім унёскі – не грошы, а нараджэнне і смерць…
Якімі словамі можаш акрэсліць сваю творчую сутнасць?
Можна акрэсліць і назвамі маіх паэтычных кніг. “Вершы ад А.” і “ЖываЯ” -- ад мяне ўнутранай і жывой, ад арыгінальнасці да ясноты, ад астравасці да язмінавасці.
Сагрэць душу і неба
З чаго пачалася твая дзейнасць як арганізатара творчых імпрэзаў? Якія найбольш яскравыя імпрэзы ты прыдумала/правяла? Зараз больш удзельнічаеш/выступаеш ці гуртуеш людзей вакол адной цікавай ідэі?
Мая арганізатарская жылка напачатку раскрылася ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, дзе я апрача працоўнай дзейнасці займалася дзейнасцю “святочнай”. А пасля ў суполцы маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”, якая мяне нават у 2007 уганаравала сваёй прэміяй “за выдатныя арганізатарскія здольнасці, праяўленыя ў часе падрыхтоўкі і правядзення літаратурна-мастацкіх імпрэзаў суполкі”. Так я сталася першай уладальніцай прэміі “Блакітны Свін 2006” і мне падаравалі 100 алоўкаў, якімі я і цяпер крэмзаю па ўсёй хаце планы імпрэзаў.
У 2006 разам са Зміцерам Арцюхом мы стварылі Паэтычны тэатр “Арт.С”, і з гэтага часу маё жыццё падзеленае на два сезоны: зямельна-лысагорскі і тэатральна-мінскі. За гэты час было столькі разнастайных імпрэзаў, што хопіць на асобнае інтэрв’ю, назаву хіба задыякальна-паэтычны праект “12 сузор’яў” – 12 імпрэзаў, на кожнай з якіх мы збіралі творцаў пэўнага знаку задыяку; праект 2010 года “7 цудаў Беларусі”, які яшчэ працягваецца; і праект “Святкуйма беларускае”, разлічаны на 12 гадоў – спроба стварэння свайго беларускага календара, каб не жыць паводле ўсходняга. Так 2009 год быў Годам Багоўкі, а цяпер ў нас Год Зялёнай Жабкі.
Насамрэч мне ўжо больш цікава становіцца не самой прыдумляць, ствараць вечарыны, а раскрываць патэнцыял удзельнікаў тэатра, дапамагаць ім ажыццяўляць свае задумы. Усю інфармацыю пра нашу паэтычна-тэатральную дзейнасць можна знайсці на сайце тэатра http://art-s.by/.
Раскажы пра сваё захапленне фатаграфіяй і што больш за ўсё даспадобы здымаць? У якой краіне ты б хацела апынуцца, каб проста пафатаграфаваць? Раскажы пра свае задумы фотасерый-выставаў.
Я чалавек-ген, бо ўва мне вельмі моцна выяўляюцца гены продкаў. І вершаваныя, і любоў да градак, і фатаграфія ў мяне ад прапрадзеда, які рабіў здымкі ў першай палове 20 стагоддзя.
Фатографам я хацела стаць яшчэ ў маленстве, але тады засмуцілася, што мяне не будзе на фотаздымках, і… перадумала. Цяпер мне ўжо цікавей бачыць на сваіх фота сябе ў іншых ці ў іншым.
Паводле майго падзелу, ёсць фатографы, якія займаюцца жывёлагадоўляй – студыйныя, пастановачныя фотаздымкі, а ёсць тыя, якія палююць на дзікія імгненні. Я з тых, хто палюе. Выхопліваеш імгненне і пражываеш з ім вечнасць – у гэтым для мяне сэнс жыцця фатаграфіі.
Швецыя
Швецыя
Шэдэўральна было б пафатаграфаваць Лысую Гару, каля якой знаходзіцца Заслаўе, у часы Рагнеды і Ізяслава; Лунінец, калі пабраліся шлюбам бабуля і дзядуля; Украіну, калі мой прапрадзед пачаў пісаць вершы, распісваў бажніцы на Кіраваградчыне; Малдову і Румынію, калі ўпершыню ўзнікла прозвішча Спрынчан.
Але таму, каму цікава жыць, цікава ў любым часе, любы час для яго любы. Яшчэ жывуць у вёсках такія беларусы, якія натхняюць мяне на стварэнне серыі “Твары як творы”. Яшчэ квітнеюць каля Лысай Гары такія кветкі, партрэты якіх я хачу аб’яднаць з партрэтамі шведскіх кветак і зрабіць выставу пад назвай “Кветкава-алкагольная кампанія”, параўноўваючы кожную кветку з пэўным напоем. Нездарма ж ад водару і красы кветак хмялеюць…
Швецыя
Калі з’явілася тваё тату ў выглядзе жабкі? Чым натхнілася на калекцыю? Што яшчэ б хацела збіраць?
Жабка скокнула на маё левае плячо ў жніўні 2004, а да гэтага з 1998 стварала з мяне калекцыянерку. Жабкі – гэта паляшуцкія, балотныя гены. Мне вельмі б хацелася, каб у маім родным Лунінцы стварылі Музей жабак, каб у яго ехалі турысты з усяго свету. Мая калекцыя магла б стацца асновай музея, а жабка на плячы засталася б са мною.
Жабка для мяне – сімвал Беларусі. Буслы ад нас на паўгады злятаюць, зубры амаль за кратамі. І адно жабкі заўжды з намі ў нашых балотах, якія ёсць лёгкімі Еўропы. Да таго ж беларускія жабкі не жывуць у няволі, не тое, што паўднёваамерыканскія, ці афрыканскія. І яшчэ навучаюць бачыць у кожнай жабе-чалавеку не толькі вонкавае, але і душу-каралеўну.
Цяпер, дзякуючы калекцыі, я магу пражыць увесь дзень, карыстаючыся прадметамі з жабак: і буднік у мяне ў выглядзе жабкі, і зубная шчотка, і мыла, і мыльніца, і талерачка, і кубак, і гарбатнічак, і заплечнік, і парасон, і футарал для мабільніка, і ўпрыгожанні, і ёршык для ўнітазу… І залатая жабка ёсць, і срэбная, і бронзавая, і малахітавая, і са шкла, і з оніксу, і з олава, і з дрэва, і з саломы… І з Амерыкі, Італіі, Кітая, Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Украіны, Чэхіі, Швецыі… І ад Валянціна Акудовіча, Пятра Васючэнкі, Васіля Дранько-Майсюка, Алены Масла, Сержа Мінскевіча, Юрася Пацюпы, Віталя Скалабана, Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа…
Швецыя
Ці праўда, што пісаць для дзяцей складаней, чым для дарослых? Якія ў цябе творы для дзяцей? Як іх успрымае твая дачка?
Каму складаней жыць у гэтым свеце – дзіцяці ці даросламу? Пытанне без адказу. Так і з творамі для дзяцей і дарослых. Як у мяне нарадзілася дачка, сталі нараджацца і творы для яе. Трэцім яе словам пасля мамы і таты, было слова “дуда”. І тут нічога дзіўнага няма – наш любімы муж і тата Яраш Малішэўскі – музыка і калекцыянер інструментаў. Разам з ім мы напісалі “Незвычайную энцыклапедыю беларускіх народных інструментаў”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Працягваю пісаць кнігу вясёлых гісторый “Мамана Аксана, таташ Яраш і дачэта Альжбэта: Поўны эксклюзіў”, аповед у якой вядзецца ад імя дачэты Альжбэты.
А кніга вершаў “Рэп пра рэпу: Несумныя вершы з вясёлым тлумачальным слоўнікам” рыхтуецца да выхаду ў выдавецтве “Літаратура і мастацтва”. З ёю я перамагла ў конкурсе “Літаратура – дзецям” (2009) і як прыз сёлета цэлы месяц прабавіла ў Швецыі, на востраве Готлянд, у горадзе Вісбю.
Таджыкiстан
І што найбольш уражвала, натхняла далёка ад Беларусі…
Так здарылася, што Готланд – мая першая сустрэча з Еўропай. Месяц ліпень выдаўся казачным – за вакном храм Святой Марыі, мора, званы, якія штогадзіну адбіваюць час. Увесь горад у межах старажытнага муру ўдоўжкі амаль 3,5 км занесены ў спадчыну ЮНЕСКА, па вечарах брукаванымі вулачкамі бегаюць вожыкі, дамы аплеценыя ружамі, батанічны сад не замыкаецца нават уначы, няма бяздомных катоў і сабак, нідзе не пабачыш паліцыі… Але і на востраве ста бажніцаў, як называюць Готланд (насамрэч іх 92), для мяне вышэй зораў застаўся Храм Беларусі.
Наколькі ведаю, гэта не першы паэтычны конкурс, які прывёў да вандроўкі.
Так, у 2008 я атрымала спецыяльны прыз журы пад кіраўніцтвам Палада Бюль Бюль Аглы міжнароднай прэміі “Садружнасць дэбютаў” “За філасофскую лірыку”. Яе мне ўручалі ў загараднай рэзідэнцыі Прэзідэнта Таджыкістана, дзе будынкі стаяць на палях над горнай ракою, дзе з гор, на якіх адпачываюць аблокі, падаюць вадаспады. Каля Душанбэ я ўпершыню пабачыла, як квітнее бавоўна, а на рынку ў Гісары набыла сабе тканіны, каб пасля пашыць сукенку і правесці вечарыну, натхнёную Таджыкістанам, вечарыну для памір-коўных беларусаў “Усход – справа і злева”. Усход уражвае, але ж я нарадзілася на Поўдні.
На поўдні Беларусі. А ці ёсць яшчэ ўлюбёныя мясціны ў Беларусі, апрача Лунінца?
Лунінец – гэта янь, мой мужчынскі пачатак, а Лысая Гара – інь, мой жаночы пачатак. Я жыву паміж Лунінцам і Лысай Гарою. На лецішчы растуць вішня, груша, язмін, трускалкі з Лунінца. Ды і на маёй Гары я пасадзіла два вязікі, якія нарадзіліся, як і я, на Гагарына, 126. Яшчэ адзін вяз, прывезены з роднага горада, расце каля Святога возера непадалёк ад Лысай Гары. Я звязваю блізкае мне раслінамі і словамі. Ствараю свой раслінна-слоўны арнамент. Дарэчы, і ў Швецыі ёсць цяпер беларуская зямля, бо я прывезла і пасадзіла кветку жывучку з Лысай Гары. А для Лысай Гары скрала шведку-гейхеру. Праўду кажуць, што крадзеныя кветкі добра прыжываюцца…
Адзін улюбёны верш (ці які найбольш дакладна апісвае цябе сённяшнюю).
Адзін без знакаў прыпынку і адзін са знакамі прыпынку:
цела маё стане
зямлёю
душа мая стане
небам
а пакуль я
лінія далягляду
колькі не набліжайся
аддаляюся
каб застацца сабою
АЭС:А.С
аблокі нагадваюць блокі АЭС
сваячкі –
паводле гучання ініцыялаў
я таксама А.С.
згодна майго
ўлюбёнага прынцыпу трох “Э”
усё ў жыцці павінна быць
энергетычна,
эратычна
і эстэтычна
у ім няма месца
ніякім блокам
апрача Аляксандра
які пакутаваў на Палессі
дзе пасля ў пакутах
нарадзілася я
аблокі нагадваюць блокі АЭС
энергетыка і выпраменьванне-атрута
найбольшыя ўва мне
распад
праз самоту гадоў
радкоў
і ніякіх падкоў
хіба што дэталі
ў сеялках і камбайнах 1950-х гадоў
выкаваныя на “Гомсельмашы”
маім дзедам кавалём
іржавеюць
у свеце, дзе ёсць
АЭС
А.С
Таджыкiстан
Твае пажаданні жанчынам, як заставацца моцнымі і цікавымі і для сябе, і для іншых, адкуль браць сілы.
Стварыць сваю філасофію красы і бачыць яе ў праявах гэтага жыцця. І, безумоўна, увасабляць у сваёй творчасці альбо сутворчасці, калі ты судакранаешся з творамі іншых.
Каб заставацца моцнымі, дастаткова ўспрымаць красу не адно вачыма, але і душой. Каб заставацца цікавымі, варта быць цікаўнымі.
Я набіраюся душэўных сілаў, працуючы на зямлі. Калі не стае фізічных, гляджу на неба. Калі стамляюся глядзець угару, распальваю вогнішча і ўзіраюся ў агонь. Калі застаецца попел, узгадваю, што ён вельмі карысны для зямлі і іду частаваць яе. Калі ў зямлі добры настрой яна цалуецца з небам. А жыццё ў пацалунку якраз і адпавядае дзвюм расшыфраваным літарам ц – цудоўнае і цікавае.
Вялікі дзякуй за такую цікавую і змястоўную гутарку!
Вершы Аксаны http://art-s.by/udelniki-aksana-sprynchan.html